Сцэнар тэатралізаванай экскурсіі ў этнаграфічным музее

Гімназія №7 г. Гродна

Аўтар – Фіронава Алена Аляксееўна

 

Шчыра запрашаем ў нашу хату. Не дзівіцеся, беларусы жылі не толькі бедна, але і багата. Хто дбае – той і мае, а мы вас, госцейкі, шчыра вітаем.

Я гаспадар, а я гаспадыня. Завуць нас Ян ды Яніна. Мы шчэ сямя маладая, пакуль не ўсё ў гаспадарцы маем. Але ўсё патрэбнае маем, паглядзець нашае жыццё запрашаем.

Ян: Частуй, жонка, гасцей.

Яніна: Ой, госцейкі, папіце гарбаткі з зёлкамі.Сама ў лесе ды на лузе адшукала.

Хтосьці кашляе…. 

Яніна: Ах , Вы ж мае даражэнькі,захварэлі.А я для вас штосьці маю, што любую хваробу зганяе. (Частуе). Ну ўсё ўсе быццам у парадку. Пачнем ж па парадку.

Ян: Вось наша печ. Тут жонка і есці варыць, і свінням ды курам ежу запарвае, і прыпасы сушыць. У печы заўсёды гарыць агонь, ці ёсць прыхаваныя агеньчыкі. Затуханне печы - дрэнная прыкмета, да смерці кагосьці з сямейнікаў.

Печачка хату грэе, ды на ей і паспаць добра. Так бы і паляжаў  удзень.

Яніна: Лайдак днём ляжыць, а ў нас гаспадарка.

Ян: Што праўда, то праўда.

А яшчэ за печчу дамавік жыве, я яго не бачыў , але і злаваць не хачу.

Яніна: А адкуль ён тут узяўся,  спытаеце Вы?

Ян: Дык дамавіка мы самі завезлі, як у хату перасяліліся. А яго ў лапцю перавез, а іншыя – гаршку з жарам, ці ў веніку і смеццем.

Побач з печкай дзяжа, у якой замешвалі цеста. На дзяжу перад вяселлем садзяць нявесту, каб жанчына стала пладавітай.

Каля печы ложачак, не дзівіцеся, што ён вузкі, чым бліжэй, тым цяплей.

Побач з печчу бабін кут, дзе розныя прылады для прыгатавання ежы. А насупраць печы – чырвоны кут. Тут вісяць абразы, пакрытыя рушнічком, а ўнізе стол ды лавы, а таксама – канапа.

Яніна: А хатняе багацце хаваецца ў куфары. Мужчынам у куфар нельга заглядаць – бо барада перастане расці. Тут ўсё было маё прыданнае. А пад  час нашага вяселля– прыехалі сябрукі жаніха ды і перавезлі куфар у новую хату. Выпраўлялі іх у дарогу ды наказалі не  згубіць “ні скрыні, ні пярыны, ні маладой дзяўчыны”.

Ян: Ох, і колькі ж разоў я гэты куфар выкупаў, (пералічвае) і пры вынасе з каморы, па дарозе да маёй хаты, калі здымалі з воза.

Яніна (жартуе): - А як жа, а як жа, за такі пасаг можна і не раз заплаціць.

Ян: Я - старэйшы сын  у сям’і —таму  мае бацькі далі нам асобную хату, а будавалі яе ўсей вёскай падчас талакі. А вось мой малодшы брат прывядзе будучую жонку ў  бацькоўскую хату. Яна і будзе да смерці даглядаць маіх бацькоў.

Яніна: Бедная дзяўчына!

Ян: Цыц, жанчына. У сям’і галоўны – мужчына.

Над сталом вісіць – павук, ён кожны год мяняецца.

Яніна: У нашай хаце я яго вешаю перад Вялікаднем на шчасце.

Ян: А жонка мая рукадзельніца, хоць і балаболка. Усё сама шые, вышывае, упрыгожвае. Усё что Вы тут  бачыце зроблена яе ручкамі.

Яніна: Ды і мой муж працавіты. Уся мэбля зроблена ім: і ложак, і канапа, і лавы… А кравец які! Глядзіце, якія мне боты зрабіў! А вось калыску, наадварот, заўсёды робяць чужыя людзі, а нейкую дробязь ўжо дарабляе бацька.

Ян: Гэта робіцца, каб дзіцёнак тату шанаваў.

Яніна: А вось дарэчы, адгадайце загадку, “Сорак нядзель у турме сядзіць, тры гады вісіць і так на свет выходзіць”. –Гэта дзіця бо 40 нядзель у жываце, да 3-х гадоў спіць у калысцы, а потым ужо спіць разам з усімі астатнімі.

Ян: Калыска – першая хата немаўляткі, таму у яе як пры наваселлі садзяць ката і калыхаюць, пакуль ён не заплюшчыць вочы, тады ж ката назаўсёды выганяюць з хаты.

Ян: А чаго ж, жонка, у хаце так ціха? Да цябе ж сяброўкі прыйшлі, то б вы паспявалі.

Яніна: І праўда, мы з дзяўчынамі заўсёды збіраемся каб з льняной кудзелі ніткі рабіць. А таму што гэта праца марудная- увесь час спяваем. – Ну што, сябровачкі, пацешым нашых гасцей? (СПЯВАЮЦЬ)

Вядучы 1: Спадарства, падыходце бліжэй. Заняткі жанчын і мужчын моцна адрозніваліся, нават і ў царкве, і ў касцёле жанчыны стаяць асобна ад мужчынаў.

Да жаночых заняткаў традыцыйна адносілася збіральніцтва, дагляд хатняй жывёлы, ткацтва, прадзенне, шыццё, вышыванне, агародніцтва, вырошчванне, збор і апрацоўка канапель. А таксама жанчыны былі асноўнымі захавальніцамі сакральных ведаў ды рытуальных тэкстаў. Часцей за ўсё жанчыны чыталі замовы: прамысловыя, лячэбныя, любоўныя і сацыяльна-побытавыя. Жанчыне ахвотна прыпісвалі магічныя ўласцівасці, якія абапіраюцца на ўсведамленне цеснай сувязі жаночага пачатку са спараджальнымі функцыямі зямлі.

Вядучы 2: Ткацтва - гэта выраб тканіны на варштаце або спецыяльных прыстасаваннях. Мужчынам дазвалялася толькі налажваць кросны. Дзяўчынак вучылі ткаць з 7-8 гадоў. Працэс вырабу тканіны расцягваўся амаль на год. Трэба было паспець выткаць да Вялікадня.

Вядучы 1: Ткацтву папярэднічала вырошчванне лёну, затым прадзенне ніці, наладжванне кроснаў. Усе гэтыя працы суправаджаліся шэрагам  магічных дзеянняў, прыкметаў, прыпевак. Так, семя лёну на поле неслі ў чыстым абрусе, а пры сяўбе прыгаворвалі: “Светлы дзень, як вакно, радзіся добрае валакно”. Пралі звычайна зімой. Старыя кабеты ў пятніцу не пралі, бо ад гэтага па павер’ям  не вадзілася жывёла.

Вядучы 2: Уменне ткаць лічылася адной з неабходных рыс нявесты. У беларускіх вясельных песнях жаніх звычайна застае нявесту за ткацтвам. (Песня “Праснічка”)

Вядучы 1: З дапамогай ткацтва можна было лячыцца. Ніткі, якія заставаліся ад кросен пасля ткацтва дапамагалі ад рэўматызму.

Вядучы 2: Да мужчынскіх заняткаў адносілася земляробства, паляванне і некаторыя мужчынскія хатнія промыслы. Кожны селянін умеў упраўляцца з сякерай і іншымі дрэваапрацоўчымі інструментамі: будаваў з дапамогай суседзяў хату і гаспадарчыя пабудовы, майстраваў неабходныя сельскагаспадарчыя прылады,  прадметы побыту, транспартныя сродкі і інш. Некаторыя рамёствы (калёсніцтва, бондарства, ганчарства, шавецтва, кавальства, рымарства, шапавальства, кушнерства) насілі больш спецыялізаваны характар з разлікам на заказ ці на мясцовы рынак. Узаемаадносіны майстроў-саматужнікаў і спажыўцоў будаваліся пераважна на прынцыпах натуральнага абмену.

Вядучы 1: Багатая тая сям’я, дзе была не толькі карова, але і добры конь. Вупражжу, хамутамі ды і ўвогуле ўсімі транспартнымі сродкамі (возам, фурманкай) займаўся мужчына. У 19 стагоддзі беларусы гадавалі коней пераважна мясцовай, “простай” пароды, хударлявых, сярэдняга росту, але вельмі працавітых і здольных да гаспадарчай працы. Дагляд за коньмі быў дрэнным, гэта тлумачыцца тым, што каня рана далучалі да цяжкай працы, з вясны да самай глыбокай восенні яны былі на падножным корме. Тым не менш, сяляне цанілі і шанавалі коней, лічылі яго галоўным сярод свойскай жывёлы.

Вядучы 2: Рамествы і промыслы насілі звычайна сезонны характар і прымяркоўваліся галоўным чынам да позняй восені і зімы, калі заканчваліся асноўныя сельскагаспадарчыя работы. У летне-асенні перыяд знаходзілі час хіба толькі на здабыўныя промыслы – рыбалоўства, пчалярства, нарыхтоўку лыка.

Вядучы 1:  Надзвычай папулярным рамяством было ганчарства. На мяжы 19-20 стагоддзяў на тэрыторыі Беларусі налічвалася больш за 300 паселішчаў з развітым ганчарствам. У большасці ганчарскіх асяродкаў, дзе былі радовішчы добрай гліны, працавалі дзясяткі, а то і сотні ганчароў, якія са сваім таварам траплялі  нават за межы Беларусі.

Вядучы 2: У нашай экспазіцыі прадстаўлены ціхаходны нажны ганчарны круг з дапамогай якога ганчары фармавалі з гліны посуд. Але ганчары рабілі не толькі посуд, але і займаліся дробнай пластыкай. Гэта найцікавейшая галіна беларускага народнага мастацтва, якая мае глыбокія карані і багатыя традыцыі. У канцы 19-пачатку 20 ст. дзіцячыя цацкі свістулькі ў выглядзе конікаў, пеўнікаў, козлікаў, баранчыкаў, фігурак людзей можна было бачыць на кожным рынку ці кірмашы, дзе ганчары прадавалі свой тавар. Падобныя цацкі прадстаўлены і ў нашай экспазіцыі.

Вядучы 1: Адрозненне беларускай цацкі ад рускай у тым, што іх выраб не стаў самастойным промыслам, а спадарожнічаў ганчарству. Да таго ж, нашы цацкі не распісваліся, а глазураваліся аднатоннай палівай.

Вядучы 2: Але не толькі з гліны рабілі цацкі, але і з ласкутоў тканіны. Зараз Вы зможаце ўбачыць элемент майстар-класу па вырабу цацкі-абярэгу.

Вядучы 1: Але ж беларусы ўмелі не толькі працаваць, але і адпачываць. Як мы спяваем і танчым, Вы ўжо пабачылі, а зараз мы раскажам ды і пакажам уравак з традыцыйнага спектаклю народнага батлеечнага тэатру.

Вядучы 2: Батлейка – гэта беларускі народны лялечны тэатр. Назва балейка паходзіць ад назвы горада Віфлеема, месца нараджэння Хрыста. Батлейка вядома на Беларусі з 16 стагоддзя. Для паказу батлейкі рабілі з дрэва скрынкі розных памераў звычайна ў выглядзе хаткі ці царквы з ярусамі сцэнамі. Рэпертуар быў багаты жыццёвым і фальклорным матэрыялам, насіў свецкі ці рэлігійны характар.

Вядучы 1: А зараз мы запрашаем паглядзець урывак са спектаклю “……..”.

Гаспадыня: Дзякуй, госці, што Вы да нас завіталі. Да новых сустрэч.

Сяброўкі гаспадыні спяваюць: “Бывайце здаровы, жывіце багата…” і выходзяць з хаты.

Гасцям замінае выхад дамавік.

Дамавік: Спаць не даюць, увесь час тупацяць, гаманяць, спяваюць. Ну проста жыць перашкаджаюць. Зрэдку толькі малака нальюць, ці скарынку хлеба пакінуць.

Гаспадары спалохана: А хто ж ты такі?

Дамавік: А то вы не ведаеце? Дамавік!

Гаспадар: А чаго ж ты хочаш?

Дамавік: Цукерак ды пачастунку.

Дамавіка частаюць і ён становіцца добры і развітваецца з гасцямі, кідаючы фразу апошняму: “Ну Вы заходзьце, толькі ж цукеркамі”